ЧАС ДЗЕЯСЛО́ВА,

словазменная катэгорыя, якая абазначае адносіны дзеяння да моманту размовы. У сучаснай бел. мове адрозніваюць 3 формы Ч.дз.: цяперашні, прошлы і будучы. Формы цяперашняга і будучага часу складаюць групу няпрошлых часоў, якая проціпастаўлена формам прошлага часу. Катэгорыя часу ўласціва толькі формам абвеснага ладу. Ч.дз. цесна звязаны з трываннем дзеяслова. дзеясловы незакончанага трывання маюць поўную парадыгму часавых форм (цяперашні, прошлы і будучы), дзеясловы закончанага трывання — толькі прошлы і будучы: «бегчы — бягу, бег, буду бегчы», «адбегчы — адбег, адбягу».

Цяперашні час абазначае дзеянне, якое адбываецца ў момант гутаркі, утвараецца ад асноў інфінітыва незакончанага трывання з дапамогай асабовых канчаткаў («чытаю — чытаеш — чытае — чытаем — чытаеце — чытаюць»). Прошлы час абазначае дзеянне, якое адбывалася ці адбылося да моманту гутаркі, утвараецца ад асноў інфінітыва закончанага ці незакончанага трывання з дапамогай суфікса «-л-(-ў)» і канчаткаў «-а», «-о», «-і» («чытаў — чытала — чыталі», «прыйшоў — прыйшла — прыйшло — прыйшлі») і мае 2 формы: простую, найб. пашыраную («нёс — несла — неслі»), і складаную, якая абазначае даўно мінулае дзеянне і ўтвараецца спалучэннем звязкі «быць» і дзеяслова ў прошлым часе («якраз тады прыехалі былі з горада сябры», «я быў нагледзеў харошы дубок»). Будучы час абазначае дзеянне, якое адбудзецца ці будзе адбывацца пасля моманту гутаркі. Мае 2 формы: простую, якая ўтвараецца ад асноў інфінітыва закончанага трывання пры дапамозе асабовых канчаткаў («прачытаю — прачытаеш — прачытае — прачытаем — прачытаеце — прачытаюць»), і складаную, якая ўтвараецца са звязкі «быць» і інфінітыва («буду чытаць», «будзем чытаць»).

У сістэме часоў дзеясловаў бел. мовы адбыліся прыкметныя змены. У агульнаўсх.-слав. мове адрознівалі 7 форм часу. Зніклі формы прошлага часу аорыст, імперфект, а на аснове перфекта і імперфекта ўтварыліся сучасныя формы прошлага часу. Простая форма будучага часу захавалася. Складаныя формы, утвораныя спалучэннем інфінітыва і дапаможных дзеясловаў «начьну», «почьну», «хочу», а таксама далучэннем дапаможнага дзеяслова «буду» да дзеепрыметніка на «-ль» («буду робилъ»), перасталі ўжывацца. Замацавалася форма будучага складанага часу з дапаможным дзеясловам «буду» і інфінітывам. На аснове даўнейшай складанай формы з дапаможным дзеясловам «иму» («иму робити», «иму носити») утварыліся дзеясловы тыпу «рабіцьму», «насіцьму», пашыраныя ў паўд. бел. гаворках.

Літ.:

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1989.

Я.​М.​Адамовіч.

т. 17, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)